Цімур Хоміч

у мяне прапаў сератанін эндарфін і адрэналін дафамін і аксітацын эстрадыёл і фенілэтыламін пралактын і ацэтылхалін мелатанін і тэстастэрон вазапрэсін і прагестэрон у мяне мурашы ў вачах у мяне здранцвенне ў нагах у мяне патыхае з падпах у мяне ўдушша і страх у мяне мігрэнь і дрыстачка у мяне белая гарачка у мяне сверб у заднім праходзе у мяне прысмак жалеза ў роце у мяне сып ад лабка да шчок у мяне анафілактычны шок у мяне нетрыманне мачы у мяне ў жываце свіршчы у мяне не працуе вуд у мяне балюча тут і вось тут у мяне жудасная патлівасць у мяне няўпэўненасць і баязлівасць у мяне некантралюемая плаксівасць у мяне нематываваная агрэсіўнасць у мяне ікаўка ды ірвакі а яшчэ панічныя атакі мяне то глючыць, то штырыць жорстка раз-пораз пырыць але ўсё гэта не пагроза паспяховаму карьернаму росту!

2019

Калі мне было пяць, Бацька сказаў мне: «Будзь моцным».

Калі мне было дзесяць, Бацька сказаў мне: «Будзь смелым».

Калі мне было пятнаццаць, Бацька сказаў мне: «Будзь разумным».

Калі мне было васямнаццаць, Бацька сказаў мне: «Будзь як усе –

Адвучыся, Адслужы ў войску, Знайдзі працу, Жаніся».

Калі мне было трыццаць, Бацька сказаў мне: «Табе трэба больш працаваць, Каб забяспечваць сям'ю. Знайдзі дадатковы заробак».

Калі мне было сорак, Бацька сказаў мне: «Твая жонка здраджвае табе, Твой сын ужывае наркотыкі, Твая дачка ў Інстаграме Паказвае сябе аголенай. Ты кепска выхаваў сваіх дзяцей. Ты мог дамагчыся большага».

Калі мне было пяцьдзясят, Бацька сказаў мне: «Ты зашмат думаеш пра сябе, Пра сваё няспраўджанае жыццё. Ты пачаў піць. Ты дрэнна скончыш».

Калі мне было шэсцьдзесят, Бацька сказаў мне: «Ооооо, Аааа, Як балюча!» І памёр адразу.

Потым памёр я.

Так і жыццё прайшло За размовамі.

2019

“Трамп не паціснуў руку Парашэнку”

newsone.ua

трамп не паціснуў руку парашэнку парашэнка не паціснуў руку лукашэнку лукашэнка не паціснуў руку румасу румас не паціснуў руку шуневічу шуневіч не паціснуў руку маёру маёр не паціснуў руку прапаршчыку прапаршчык не паціснуў руку ўчастковаму участковы не паціснуў руку паставому паставы не паціснуў руку мінаку мінак не паціснуў руку жонцы жонка не паціснула руку падначаленай падначаленая не паціснула руку сантэхніку сантэхнік не паціснуў руку алкаголіку алкаголік не паціснуў руку дварняжцы дварняжка не паціснула руку котцы котка не паціснула руку мышцы мышка не паціснула руку рэпцы

2016

дзень быў надзвычай сонечны а што яшчэ для барацьбы патрэбна актывістка выйшла лгбт на плошчы падтрымаць… а яе не грэблі

яна стаяла такая з сябе ідэйная і куды падзеліся мянты з амапам ад разгубленнасці і безнадзейнасці дзеўчына пачала гульню з айпадам

ніводзін з зашораных абывацеляў у сваё занураных, у запаветнае не зьвярнуў ніякай увагі, як правакацыйна была апранутая тая кабета

вусны чырвоныя на фоне твару бледнага сукенка жоўтая, падпахі ружовыя каляровая гама кіслотна-летняя а навокал гойсалі адно пракажоныя

мне зрабілася прыкра, ведаеце, усё ж такі дзяўчына старалася, і ёй, вядома ж, крыўдна мылася, фарбавалася, падбірала шмоткі а горад цалкам пад уладай быдла

я падыйшоў і сказаў: што топчасся трэба быць крышачку радыкальнейшай давай зоймемся пратэстнай творчасцю у мяне тут якраз прыхаваныя фекаліі

2016

"Кожны добраахвотнік мусіць быць пакараны!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі. Увесь крывёю запэцканы, у кашулі ушчэнт падранай, быў я выпхнуты з дому і неўзабаве за кратамі апынуўся.

Гэтак даведаўся я на ўласным жыццёвым досведзе: супрацоўнікі нашыя працуюць вельмі недасканала; што не прымаў я ўдзелу ў АТО, і слухаць не захацеў ніводзін з іх, нават жалезнае алібі нікога не пераканала.

Дарэмна тлумачыў я, што я не нацыст - не верылі! - і што пляваць я хацеў на Еўрамайдан і ягоныя заваёвы, - мне ў рукі паклалі ручку і нейкую паперыну і подпіс паставіць на ёй прымусілі тэрмінова.

Аўтарытэты ў СІЗО сустракалі мяне як роўнага, думалі, я сапраўды ўваходзіў у склад "Азова". Прыйшлося канцэпцыю белай расы для іх у дробязях, кроплямі поту і адчаю пакрываючыся, разжоўваць.

Пакуль мы вось гэтак гадзінамі абмяркоўвалі з імі палітыку або на грошы рэзаліся па начах у карты, з волі ўсё йшлі і йшлі, салодкім парфюмам палітыя, паштоўкі ад валанцёрак кампаніі "Гавары праўду".

Было прынята рашэнне правесці судовы працэс публічна, каб кожны упэўніўся: правасуддзе ў нашай краіне – не блеф. На суд прыйшлі або на ўласных аўтамабілях прыехалі прадстаўнікі "Справядлівага свету", АГП, БХД, КХП-БНФ, БНФ.

У перапоўненай залі судовага паседжання крыху асобна трымаліся назіральнікі са Злучаных Штатаў Амерыкі. "Свабоду герою!" - лямантавалі дэманстранты, нібы пакалечаныя, і хтосці выў пад дзвярыма "Жыве!" у гістэрыцы.

Сузіраючы заплаканымі вачыма тое, што адбывалася, слухаючы, пра што гаварылася, пакутлівымі вушамі, я думаў: «А не пайшлі б вы, падонкі, на х...й усе?!» (Не выклікалі прысутныя ні сімпатыі, ні пашаны.)

Смяротны прысуд суправаджаўся гулам і выкрыкамі пра Сталіна, 37-ы, рэпрэсіі, парушэнне правоў чалавека. Па тэлевізару гэтага не паказалі. Выразалі. Хамячкоў у Фэйсбуку прывяло ў раздражненне гэта.

Праз некалькі месяцаў мяне расстралялі ў патыліцу, суправаджаючы па калідоры, неверагодна доўгім, яшчэ праз некалькі месяцаў усе пра мяне забыліся, а можа, ніколі нікога нідзе і не існавала ўвогуле…

2014

“Дармаедаў і трутняў нам не трэба!” - сказаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. З пакункам на галаве, з ушчэнт паламанымі рэбрамі, быў я выпхнуты з дому і расстраляны ля першай сценкі.

Гэтак на ўласным досведзе давялося даведацца: страшнага ў смерці насамрэч няма ні каліва. Жыць значна страшней, тым больш дармаеду, сярод працавітых, крэатыўных ды прадпрымальных.

Было прынята рашэнне паказаць маё пакаранне па тэлевізіі ў кароткім аглядзе найбуйнейшых здзяйсненняў рэспублікі. Неверагодна нават, але нічога не выразалі, таму сюжэт спадабаўся хамячкам з фэйсбуку.

Прыехалі на пахаванне лідэры апазіцыі з папулярнай прамовай пра 37-ы, рэпрэсіі й Сталіна, і калі ў натоўпе ўзніклі шпікі з міліцыі, некаторыя зусім засмуціліся ды разыходзіцца сталі.

Ахвяра крывавага рэжыму ляжала ў труне, на дол ля труны гваздзікі апускаліся моўчкі. Што далей адбылося, балюча рассказваць мне, і сляза засціць вочы.

…А ў краіне між тым распачаліся працаўладкавальныя клопаты, жыхары напалохаліся перспектывы бяссуднага гвалту. Новая праца знайшлася нават для апазіцыі (опам павялічыў фінансаванне Дзярждэпартамент).

Ліберальныя інтэлектуалы ў народ паверылі, перасталі абражаць быдлам, манкуртамі і саўкамі, прадстаўнікі крэатыўнага класа таксама прасунуліся наперад па шляху чалавечнасці і раскаяння.

Работнікі офісаў кінулі посціць коткаў, павялічылі норму кліентаў за ноч прасталыткі. Чулася ўсюды: “Да працы гатовы?” – “На ўсе сто адсоткаў!”. (Вось што значыць эфектыўная дзяржпалітыка!)

Заняліся карыснай справай нават чыноўнікі, бізнэсоўцы спынілі махінацыі з чорным налам. Надламілася, словам, нешта ў грамадзкай свядомасьці пасля таго, як мяне не стала.

Так што, як бы там ні было, жыццё маё, хоць і скончылася так убога, для беларускіх дармаедаў абодвух палоў паслужыла немалаважным па сваім маральным значэнні ўрокам. Не дарэмна жыў я.

2014